САЮ́З НЯМЕ́ЦКІХ АФІЦЭ́РАЎ (Bund Deutscher Offiziere),

антыфашысцкая арг-цыя ням. ваеннапалонных у СССР у 1943—45; адзін з асяродкаў супраціўлення нацысцкаму рэжыму ў 2-ю сусв. вайну. Засн. на ўстаноўчай канферэнцыі 11—12.9.1943 у с. Лунёва пад Масквой (каля 100 дэлегатаў ад 5 афіцэрскіх лагераў ваеннапалонных; прэзідэнт — б. камандзір 51-га армейскага корпуса вермахта, ген. артылерыі В. фон Зайдліц-Курцбах). Узаемадзейнічаў з Нацыянальным камітэтам «Свабодная Германія» (НКСГ), падзяляў яго мэты, праграму і метады дзейнасці, у т. л. заклік «За свабодную, незалежную Германію, супраць Гітлера!». Да вясны 1945 аб’ядноўваў каля 4 тыс. б. генералаў і афіцэраў герм. арміі (сярод іх са Жн. 1944 ген.-фельдмаршал Ф.​Паўлюс). Распушчаны разам з НКСГ 2.11.1945.

Літ.:

За Германию — против Гитлера!: Док. и материалы о создании и деятельности Нац. комитета «Свободная Германия» и Союза немецких офицеров: Пер. с нем. М., 1993.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)